Жанчына спявае

Яшчэ не ацэнена

Плытчэюць крыўды і плёткі,
Глыбініць песня жывая.
А, чуеце, здорава ўсё-ткі,
Калі жанчына спявае.

He плача і не смуткуе,
He сварыцца і не рыдае...
Сама для сябе такую
Ціхую песню спявае!

Значыць, усё ідзе ладам
I ў хаце, і ў цэлым свеце:
Няма дзе прыткнуцца звадам,
Няма дзе бядзе прысесці.

Сям'ю мінаюць хваробы,
I родзіць, бы лес той, жыта,
Соладка спіць круталобы
Сынок, накормлены сыта.

Значыць, і дом іх дыхтоўны,
Абмінулі каханне марозы;
Значыць, і муж цудоўны,
Прыходзіць дамоў цвярозы.

I ў самой удаецца работа...
Ціхата навакол такая!
Злагада ў чалавечых сотах.
Мір. Hi ў кога ніхто не страляе.

Ад кахання — ну тая ж дзяўчынка:
Цесна ў сэрцы і бэзу, і маю.
А на вуснах — быццам пушынка:
Кахаю,
кахаю,
кахаю...

Для песні трэба прычына,
Для песні трэба нямала...
Шануйма ж гэтак жанчыну,
Каб яна і ў будні спявала!