Вольга Ласаева

Нячутна сцішаная ноч...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Нячутна сцішаная ноч
Шчаку далоняй зморанай пагладзіць
I шэрым лакам пасмачку валос кране...
Тваіх цудоўных, залатых валос!
Мяне не будзе побач, не змагу
Руку яе спакойную адвесці.
У неспакойнай цяжкай барацьбе,
Далёкая, я толькі вершы дзесьці
Магу складаць, не знаючы цябе.
Як быццам бы усё забыўшы,
Адрэзаўшы, парваўшы, разлюбіўшы
Усё, што можна разлюбіць,
Адрэзаць, адарваць, забыць.

Для чакання ў мяне ёсць...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Для чакання ў мяне ёсць
Многа летаў і многа зім,
Ты мой самы чаканы госць,
Ты ніколі не станеш чужым.

Для вітання ў мяне ёсць
Многа добрых і светлых сноў,
Ты мой самы любімы госць,
Ты заўсёды мая любоў.

Для сустрэч у мяне ёсць
Непаўторная стома начэй,
Ты мой самы жаданы госць,
Ты жаданне — няма ярчэй.

Для чакання нязменна ёсць
Многа летаў і добрых сноў,

Не вартага любові — пакахала...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Не вартага любові — пакахала,
На вартага — вачэй не падняла.
Ад вартага — было б сусвету мала,
Нявартаму — сусвет бы аддала.

Сёння твой Дзень нараджэння...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Сёння твой Дзень нараджэння.
Сёння табе дваццать тры.
Дзень які сонечны. Верасень. Сёмае.
Лісце ў дварах падмятаюць вятры.

Восень ізноў залатою аправай
Кожны ўспамін-дыямент ахіне,
У цішыні аднастайнай і млявай
Помняцца, помняцца, помняцца мне

Вочы, усмешка і вусны, і рукі,
Голас, маўчанне і гэтак далей...
Зрэшты, спецыфіка гэтай разлукі —
Вечная споведзь у нефах алей.

Сталіца. Невялічкая кавярня...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Сталіца. Невялічкая кавярня.
Сяброўка побач. Вечнае: "Калі?"
I больш нічога.
Толькі дзесь далёка
Маё каханне ходзіць па зямлі.

Кажаш, што ажэнішся ... Жаніся...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Кажаш, што ажэнішся ... Жаніся.
Я ж нічога, я ж хіба трымаю...
Быў пяшчотным, як кісель у місе,
Больш пяшчотным, як пялёстак маю.

Быў каханым. Горка. Безаглядна.
Безразважна. Слепа. Нерэальна.
Не хвалюйся, мой ты ненаглядны,
Рэагую я на ўсё яшчэ нармальна.

Бачыш: не хаджу да варажбітак,
Не тручуся, з даху не лятаю
I на фота – бледны твой адбітак –
Доўгіх шмат гадзін не пазіраю.

На лекцыі, дзе зараз я сяджу...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

На лекцыі, дзе зараз я сяджу,
Мяне няма.
Лячу, гляджу — унізе акіян,
А вось і край, дзе ты жывеш,
А вось твой дом, пакой...
Тут зараз ноч, ты спіш,
А я — у сон унікну твой.
Прыду і сяду ля цябе,
Крануся да рукі...
Чаму ж ты, любы, мілы мой,
Спалоханы такі?

Не бывае гэтак, не бывае...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Не бывае гэтак, не бывае,
Немагчыма любых праклінаць.
Як жа так, што я табе жадаю
Больш нікога ў свеце не кахаць?!

Як жа так, што зычу, каб абрыдлай
Сталася чужая старана?
Драцяной ніцінаю нявіднай
Боль звініць у сэрцы, як струна.

Непатрэбна гэтак, непатрэбна,
Для мяне існуеш ты адзін...
Пройдзе час, і я забуду пекла
Тых апошніх некалькіх гадзін.

Я сама, быць можа, вінавата —

Няўжо і праўда ўсё – усё адно?

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Няўжо і праўда ўсё – усё адно?
Няважна мова і размова?..
Гляджу напружана ў акно,
Як быццам мне там нешта нова.

І нібы проста незнарок
Паглядаў рэдкіх пазбягаю,
Я твой запомніла урок
І болей знаць цябе не знаю.

Ты падабаешся мне і будзеш падабацца...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Ты падабаешся мне і будзеш падабацца.
Цябе магчыма не любіць хіба?
Няхай з табою мне не сустракацца
І пацалункам не астуджваць лба.
Хай будзе так. Няможна і няможна.
Але прашу, прашу цябе, прашу...
Ты падабаешся. Трымайся асцярожна.
Не забівай яшчэ адну душу.

Лексічны запас мізэрны...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Лексічны запас мізэрны –
Фраза адна, другая...
І ніякага болей рэзерву,
І трымціць цішыня жывая.

Мовы іншай патрэбныя гукі,
Не заношаны слоўны запас.
Толькі вусны раскажуць і рукі,
Як пяшчотна люблю я Вас...

Анямейце, нахабныя спевы!
Не магу не лічыцца з ёй,
Дачкою спадарыні Евы,
Незнаёмай маёй сястрой.

Не магу не лічыцца з каханым,
Паважаючы выбар яго.

І няма болей слоў...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

І няма болей слоў,
Анямеўшы ад жаху,
На спатканне ізноў
Я іду, як на плаху.

Не хацела табе гаварыць...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Не хацела табе гаварыць,
Напалохаць цябе не хацела,
Лепш не ведай, як цяжка любіць
Толькі сутнасць, не прагнучы цела.

Толькі сутнасць, якой усяго
Дваццаць год непапраўна-зялёных,
І даверыць ёй страшна з таго
Безнадзейнасць вачэй заімглёных.

Лепш не ведай, што значыць чакаць
Прасвятлення або высвятлення...
Не хацела табе расказаць,
Ды і Бог не прызначыў хацення.

Як цяжка, стоячы ўбаку...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Як цяжка, стоячы ўбаку,
Бяссільна бачыць, што таму,
Каго кахаеш, дрэнна, нудна...
Ўздыхнеш, адвернешся марудна,
У цень адступіш, не пасмееш
І падысці. К сабе прыкута,
Занадта добра разумееш:
Не ты ягоная пакута.

Не было і не будзе...

Яшчэ не ацэнена

Не было і не будзе
Ў мілога каханкі,
Каб спявала такія,
Як я, калыханкі.

Ці трапіцца дрэнная,
Ці залатая,
Але не такая,
Але не такая.

Як лепшую возьме
За жонку сабе –
Прыпомніць усе
Недахопы мае.

Акажацца горшаю
Жонка яго –
Згадае адкрытасць
Пагляду майго.

Не будзе, не будзе
Ў мілога каханкі...
Спяваць мне да веку
Свае калыханкі,

Абняўшы ці дрэннага,
Ці залатога,

Напаі мяне мёдам слоў...

Яшчэ не ацэнена

Напаі мяне мёдам слоў,
Дакранайся пяшчотна рукамі,
Аднясі у краіну сноў,
Што ляжыць за сівымі вякамі.

Пацалуй мяне, дарагі,
І забудзь аб усім на свеце!
Бледны месяц хавае у хмарах рагі,
Завывае у коміне вецер...

Напаі мяне мёдам слоў!
Я напой бы, сасмяглая, выпіла:
Згатаваны усё ж ён табой,
І няважна, што мёд – ліпавы.

Звычайны звычай...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Звычайны звычай –
Кантэкст кахання:
Сядзець за кавай,
Маўчаць да рання,
Глядзець у кубак,
Расказваць нешта,
Смяяцца з жартаў –
Дасціпных, зрэшты;
Задаць пытанне,
Не чуць адказу,
Не дакрануцца
Рукой ні разу.
Даводзіць штосьці,
Cпрачацца потым,
Адчуць прадонне
Халодным потам...
Святлее неба расчараваннем:
Ізноў сустрэча была маўчаннем.

Прыходіш – і позірк насмешлівы...

Яшчэ не ацэнена

Прыходіш – і позірк насмешлівы,
І дакоры званчэй, званчэй...
Ну грэшная, каюся, грэшная,
Толькі знікні з маіх начэй!

Я цябе – забуду...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Я цябе – забуду,
Ты мяне – ніколі!
Стану я свабоднай,
Будзеш ты ў няволі.
Будзеш ты з грашамі,
Толькі без багацця,
Стану я шчаслівай,
Ды не ўбачу шчасця.

Я хацела зрабіць табе ласку...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)
Я хацела зрабіць табе ласку
І з сабою забраць цябе ў казку,
Дзверы ў свет незвычайны адкрыць
І табе гэты свет падарыць.
 
Тваё жаданне...
      Што ж, бывай...
           Сілком не цягнуць

У хвалі восеньскай вады...

Яшчэ не ацэнена

У хвалі восеньскай вады
Глядзяцца клёны залатыя.
Па розных берагах ракі
Стаім затоена-чужыя.

А сонца – роднае і вецер,
І лес раднейшы з хвіляй кожнай,
І гэтак вабіць бераг твой,
І мне адной туды няможна.

Я усміхалася табе...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Я усміхалася табе,
А ты – павінен быў стрымацца!
Не меў ты права усміхацца
Так шчыра, светла, так лагодна...
Ты ж ведаў: будзе мне пасля
Яшчэ больш прыкра і халодна.

За акном запацелым...

Яшчэ не ацэнена

За акном запацелым
Вечар мокры і цёмны,
Ты любуешся целам
І паглядам князёўны.

Ў гюту ноч будзем разам
Мы з табой, мой каханы,
Хоць і ведаю: ты
Не ў мяне закаханы.

Пацалункі, абдымкі
І прыгожыя словы
Уразаюцца ў памяць,
Як узор адмысловы.

Гэты восеньскі вечар,
Гэты вецер шалёны...
Не таго я кахаю,
Хто ў мяне улюбёны.

Тыдзень кахання...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Тыдзень кахання
І год адзіноты...
Спазненне, растанне,
Сумлення згрызоты.
Кавалачак шчасця
У кабак з атрутай
Укінуць і піць,
Застагнаць ад пакуты...
І стане так лёгка,
І стане звычайна,
І сэрца не будзе
Так біцца адчайна.
Спакойна і роўна,
Павольна і ціха,
Жыццё пацячэ
Без дабра і без ліха.

Мімалётны анёл

Яшчэ не ацэнена

Прашу цябе: пакінь мяне ў спакоі!..
Вяртайся ў свой халодны шэры дом:
Табе няёмка у маім спакоі,
Дзе сьцены не працятыя ільдом.

Ідзі адсюль! Звычайнае цяпельца,
Пасьля лядоўні, да якой прывык,
Нясьцерпнай жарсьцю спапяляе сэрца,
І голас твой зрываецца на крык...
Бяжы хутчэй! Рэальнасьць не такая,
Якою бачыць ты яе хацеў,
І не кажы лухты: я не сьвятая,
І не анёл, што побач праляцеў...

У снах...

Яшчэ не ацэнена

У снах маіх цябе няма...
Ты побач сьпіш, а я адна
У змрочных блытаных завулках
Ступаю па каменьнях гулкіх
І сустракаю нежывых,
Жывых,
няжыўшых,
часам тых,
Каго любіла я раней
Да гэтых безнадзейных дней,
Начэй і ранкаў адзінокіх.
У снах пакутных і глыбокіх
Я пазбаўляюся ад сноў,
Ад надакучлівых размоў,
Ад існаваньня без натхненьня!..

Няхай твайго задавальненьня

Вернешся...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Ты вернешся.
Ты вернешся яшчэ.
Я ведаю —
Вяртаецца заўсёды
Забойца
На ахвяру паглядзець,
Каб толькі потым
Зьнікнуць назаўсёды...

Каб забіць, каб згубіць, каб забыць...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Каб каханьне сваё забіць,
(а было яно невылечным),
Я аб ім пачала гаварыць
З кожным стрэчным.

Каб каханьне сваё згубіць,
(а было яно нерэальным),
Я яго пачала рабіць
Абсалютна матэрыяльным.

Каб каханьне сваё забыць,
(а была ім душа працята),
Я ізноў пачала любіць
Невядома каго — як брата…

Каб забіць,
каб згубіць,
каб забыць...

Мелодыя каханьня

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Мелодыя мінулага мінае,
Мелодыя ліецца у нябыт…
Успамінаю лета ў дзікім краі,
Дзе кожная хвіліна – гэта ты.
Дзе кожны дотык,
Кожная галінка,
І кветка кожная,
І ежа, і пітво,
І ноч бяссонная,
І шчырая малітва,
І шэры досьвітак,
І чуйнае сьвятло,
Сьцяжынка ў полі,
Сонечны блакіт
Мелодыяй мінулага мінае,
Журліва праліваецца ў нябыт,
Дзе кожны дом і дрэва адчувалі:

Калі б малая кропля раю...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Калі б малая кропля раю
Ў пякельны ўпала чад,
То пекла – ў Кнізе я чытаю –
Цвіло б, як райскі сад.

Не верыць Кнізе – немагчыма!
Ўяўляю: з нейкае прычыны
Любві маёй сляза малая
У сэрца любага трапляе...

На лёс наракала дарэмна...

Яшчэ не ацэнена

На лёс наракала дарэмна,
Не было невыразным жыццё:
Я любіла и ведаю пэўна –
Гэта лепшае пачуццё!