Не чулі мы пра шлюбныя палацы,
Не бачылі ні кветак, ні фаты,
Ты да мяне забегла пасля працы
I неабходнай стала назаўжды.
Я мітусіўся па пустым пакоі,
Пакуль стары імбрычак запяе,
Абветранай калючаю шчакою
Хацеў далоні адагрэць твае.
Казалі мы не тое, што хацелі
Сказаць у вечаровай цішыні.
А снежань так дарогі замяцеліў,
Што не даехаць блізкім і радні.