Алег Мінкін

Блукалі мы ў цмяным святле ліхтароў...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Блукалі мы ў цмяным святле ліхтароў,
Разняць не маглі пераплеценых пальцаў,
I там, дзе ступалі, у цемры двароў
Зіхоткія кветкі раслі на асфальце.

Блукаю самотны, вярнуўшыся зноў,
Па горадзе смутку майго і кахання,
Па зблытаных вулках няспраўджаных сноў,
Дзе кожны камень быццам слова з падання.

Усё тут, як колісь, ды дзе тыя кветкі —
Нядоўгага шчасця ахова і сведкі!

Скупое сонца кволым промнем...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Скупое сонца кволым промнем
Касіла лісце з клёнаў сонных...
Ты ціха мовіла: «Да скону,
I адкахаўшы, буду помніць».

А я сачыў, як промняў лёзы
Без намагання лісце косяць,
Як вецер іх у гурбы зносіць,
Як сумна ўецца дым бялёсы...

Так з тых часін і заплялося
Ў памяці маёй яскрава:
Твой голас, дыму пах гаркавы
I скарга ціхая на восень.