Таемны сад

Яшчэ не ацэнена

Ж.

Дзе тонкай рысай далягляд
Злучае неба край з зямлёю,
Расце ў цішы таемны сад,
Вядомы толькі нам з табою.

Там сустракаюць нас заўжды
Анёлы ціхім песнапеннем.
З табой прыходжу я туды
Маліцца на твае калені,

На вусны і на голас твой
З нямою ўдзячнасцю за тое,
Што ўсё яшчэ яны са мной,
Як неба край — з зямлёю.

Ах, дзіўны сад, таемны сад!
Імчацца дачнікі на дачы,
Пасля вяртаюцца назад, —
Але ніхто наш сад не бачыць!

I нам бы толькі не забыць,
Ці перад крыўдай, ці абразай,
Што гэты сад для нас шуміць
Датуль, пакуль з табой мы разам.