Рыгор Крушына

На пракосах

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Ад зары прабег прамень шырокі, косы.
Ад мянташак зазвінелі дружна косы.
А на сэрцы аднаго з касцоў вяселле —
Расплятуцца перад ім тугія косы.

Лёгка рэжа коска. Добрая направаі!
Жаўруковы спеў — налева і направа.
Гэта гукі радасці угары віселі:
Віза на любоў законную, на права.

Віланэль

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Цёплы спеў віяланчэлі,
Струнаў ціхі перазвон...
Ласкі-пешчы загучэлі.

Вобраз твой — у акварэлі.
Перадаў мне патэфон
Цёплы спеў віяланчэлі.

Гукі ў стройнасці мякчэлі,
Віўся з альтам барытон, —
Ласкі-пешчы загучэлі.

Мае вочы заблішчэлі,
Як пачуў я дзіўны звон,
Цёплы спеў віяланчэлі.

А ў душы маёй ярчэлі
I валошка, і рамон.
Ласкі-пешчы загучэлі.

Я з табой пяю

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Я гляджу на мiлую маю
I чульлiва край мой пазнаю;
У цябе бялявая каса,
А я ў думках кузаль расчасаў.

Мне здаецца, у вачах тваiх -
Сiнi цьвет валошчак палявых.
Ты ўзбудзiла песьняй мой пакой.
Дзе ж мая цьвярозасьць i спакой?

Я хмялею ўцешна бязь вiна,
Цi ня ў гэтым ёсьць твая вiна?
Я укленчыў... Я з табой пяю.
Бацькаўшчыну ў мiлай пазнаю.