А за вясной акрыленай ня ўгнацца,
Як не злавіць струмені ручая...
Гляджу —
Між майскіх сонечных акацый
Мільгае постаць лёгкая твая.
Наіўна думаў —
Перайму хоць летам,
Спаткацца будзе час нам — дзень вялік.
А першы ліст павіс над белым сьветам
I, як твая касынка, дзесьці зьнік.
Ну, пачакай...
Яшчэ ў запасе восень.
Бо я ж цярплівы, ведаеш сама.
Ды ўсё ж сябе суцешыць не ўдалося —
Завеямі даўно гудзе зіма.