Першы пацалунак

Ваша адзнака: Нет (9 галасы)

Ляжаў вялікі, белы камень тут —
Каля бруі прыветнае крыніцы.
Як брат з сястрою, у любімы кут
Мы беглі, каб красою наталіцца.

Але ў той дзень загадкавы віхор
Нас выхапіў з зямнога летуценьня,
Дзе конікаў ня моўк бязладны хор,
Мільгалі сьлюдзяных стракозаў цені.

Паўстала тое, што лунала ў снах,
Сатканых з позіркаў і шэптаў кветак.
Маланкавай вясны зялёны шлях
Імкнуўся сьпешна да раскошы лета.

Раптоўна сьвет асьлеп,
Аглух
I сьціх,
Зачараваны сьмеласьцю спакуснай.
Забыўшыся няўзнак на ўсё і ўсіх,
Раскрыліся, нібы пупышкі, вусны.

Дайсьці ў трымценьні не змаглі яны
Да таямніц спякотнага каханьня.
Хоць мы былі прад вечнасьцю адны,
Ды толькі сутыкнуліся дыханьні.

Такога пачуцьця ня меў пасьля,
Хоць зьвязана жыцьцё ў апошні клунак.
З-пад ног сплыла і зьнікла дзесь
Зямля...
А гэта быў мой першы пацалунак.