Я хацела ўбачыць анёла

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Я хацела ўбачыць анёла,
Што за спінай нячутна стаіць,
Усміхнецца, калі мне вясёла,
Калі дрэнна, падкажа як жыць.

Я хацела крануцца нябёсаў,
Адшукаць між аблокаў той сад,
Дзе складаюць гісторыі лёсаў
І выконваюць Бога загад.

Я хацела знайсці ўсе адказы
На пытанні, што ў сэрцы жылі,
Зразумець, як пазбегнуць адразу
Крыўды, болю, што ёсць на зямлі.

Я хацела сустрэць тыя вочы,
Што паклічуць ісці за сабой,
Асвятляючы шлях у цемры ночы,
Тым, што у свецце завецца “любоў”.

Я хацела, і тыя жаданні
Ажылі быццам казкі вясны.
“Разумееш, што гэта спатканне?”
Я падумала: “Нейкі дзіўны.”

Дробны дожджык так сыпаў упарта,
Не жадаючы холад трываць,
Ты з усмешкай сур’ёзна ці жартам
Мне дазволіў руку патрымаць.

Вечар скончыўся, час развітання...
Немагчыма было адмаўляць,
Што адказы на безліч пытанняў
Позірк твой дапамог адшукаць.

Я хацела ўбачыць анёла,
Што за спінай нячутна стаіць,
Усміхнецца, калі мне вясёла,
Калі дрэнна, падкажа як жыць.

Іншыя вершы аўтара