Ты — гэта я,
Я — гэта ты,
Выйшлі абое сюды з любаты,
З неразгаданай нікім мілаты.
Выйшлі, каб выпадак, слаўны такі,
Зьвёў вочы ў вочы, руку да рукі.
Мы з прыцягненьня далёкіх плянэт
Сьмела і рупна зьляпілі свой сьвет.
Як непакоіць і позірк, і слых
Недасягальная тайна дваіх!
Толькі дасужасьць усіх плеткароў
Нам не суцішыць бунтоўную кроў.
Зайздрасьць людзкая нас сьмешыць даўно,
Хмеліць, нібы маладое віно.
Мы п’ем бяз стомы сваю мілату,
Лашчым і песьцім сваю любату.
Ты — гэта я,
Я — гэта ты,
Надта замес атрымаўся круты.
Як жа цяпер мне пайсьці ў немату,
У неразгаданасьць,
У пустату?