Таямніца

Ваша адзнака: Нет (5 галасы)
Я не вымольваў слоў пяшчотных... 
Як дождж да смяглае раллі, 
Яны прыходзяць незваротна 
На грэшнай і святой Зямлі.

Іх нараджэння таямніца 
Не падуладна адкрыццю. 
Бруіць тваёй душы крыніца 
Насустрач спешнаму жыццю. 

I дзівіць дар яе мілосці 
На свет выносіць дзень пры дні 
Святло глыбіннай прыгажосці, 
Пясчынкі шчодрай дабрыні.

Жыццё свой круг імкліва вершыць,
Ды застаецца вечны шлях, 
I шэпт, і пацалунак першы 
На разгарачаных губах.

Твой спеўны голас не сціхае, 
З’яднаў ён неба і зямлю. 
Жыву, 
           пакутую,
                           кахаю 
I праз цябе ўвесь свет люблю.