Калі восень зацягне...

Ваша адзнака: Нет (11 галасы)
Калі восень зацягне
      ўсё празрыстай журбою
на адным з скрыжаванняў
      жыццёвых шляхоў,
лёс дазволіць нарэшце
      нам спаткацца з табою
пасля ростані нашай —
      роўна трыста гадоў.
Паглядзіш ты мне ў вочы
      і ўсё мне даруеш,
зразумееш, што жыў я
      табою ўвесь час.
I ніхто не заўважыць,
      і ніхто не адчуе,
як па-весняму сонца
      ўсміхнецца для нас.
I мы пойдзем з табою
      па маўклівай алеі,
і галінамі дрэвы
      будуць нас бласлаўляць.
А сляды зацярушыць
      залатая завея
так, што потым не зможа
      ніхто адшукаць.
Сонца ўвечары знікла
      дзесьці за небакраем,
гасне ў хмарах апошні
      прамень залаты.
Я іду цераз восень,
      я шляхоў тых шукаю,
на якіх мне калісьці
      сустрэнешся ты.