Калі паміраюць...

Яшчэ не ацэнена

Калі паміраюць дрэвы — яны павольна падаюць на зямлю,
Больш павольна, чым пушок адуванчыка, — і застаюцца ляжаць.
Калі паміраюць жывёлы — яны засынаюць у ветрабоі
Або чарнеюць на раллі уздзьмутым жыватом,
А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.
Калі паміраюць гарады — па анфіладах крочаць рыжыя львы
I слізгоча струменьчыкам ртуці змяя па карцінах, што ўпалі ў музеі.
Калі паміраюць планеты — застаюцца свінцовыя воды
I свісцячая песня пяскоў у расколінах скал.
Калі памірае каханне... Але каханне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.
Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю ўсмешкай,
Львом куртатым кроч, слізгай самаахвярным змеем
Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу —
Ўсё дарэмна. Няма дапамогі.
I смерці няма ў кахання.
Чалавек толькі смертны.
Але калі дрэвы не помняць,
Гарады не помняць, не помняць нямыя планеты —
Сэрца помніць каханне і попелам стаўшы з агню.
Аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае,
Аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях,
Аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх, бязважкіх
Пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі...
Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца
I аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:
Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых далонях,
Аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам
Прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.
He забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца
I кружляе з крыкам перадсмяротнай і ўсё ж бессмяротнай тугі
Над магіламі мёртвых багоў, над журботным спакоем зрынутых дрэў.
Над жывёламі, кінутымі на раллі,
Над планетамі мёртвымі і гарадамі —
Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.