О каханне маё бясконцае...

Яшчэ не ацэнена

О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.

Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною - балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп'і гарыць.

На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.

Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.