Антаніна Хатэнка

Я не прыйду — каб табе было светла...

Яшчэ не ацэнена

Я не прыйду — каб табе было светла.
He пазваню — каб спакойна было.
Я расхіну над усім белым светам
незапытанай пяшчоты крыло.

Я не скажу аніводнага слова,
не прычакаўшы твае далані.
Дзякуй, што ты ад маркоты зімовай
моўчкі здалёку мяне засланіў.

Некалі нас на Радзіме не стане,
Сыдуцца хісткія ў плыні кругі.
Дзякуй спатканню і дзякуй расстанню.
Дзякуй, што недзе ты ёсць, дарагі.

Супраць самае ночы, перад цёмнаю ночай...

Ваша адзнака: Нет (6 галасы)

Супраць самае ночы, перад цёмнаю ночай
паглядзі ў мае вочы, расчытай мае вочы.
Дзень у цемрава збочыў, дзень у раніцу крочыць.
Зоркі з вечнасці сочаць, долю нашую сочаць —
паглядзі ў мае вочы, заплыві ў мае вочы.

У дрымотнае скрусе, у вярэдлівай скрусе
запалі мае вусны, разбудзі мае вусны. —
я струной страпянуся, я струной скалыхнуся
на раскаленых гуслях — на рукох Беларусі.

Вядзе мяне вечар дахаты...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Вядзе мяне вечар дахаты,
далей ад цябе і далей.
Б'е ў шыбіны вецер кудлаты
і свечка дрыжыць на стале.

...Хаваюцца цені пад шаты,
а я ад цябе ўсё далей.
Жанчына прысушнай гарбаты
ў кубачак твой падалье.

Блуканні, набыткі і страты —
усё доля нясе ў падале.
Жыццё маё — дар ці адплата?
Ці суджана дню засвятлець?

Далоні твае не пакратаць,
а сэрцу шчасліва балець...