Вядзе мяне вечар дахаты...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Вядзе мяне вечар дахаты,
далей ад цябе і далей.
Б'е ў шыбіны вецер кудлаты
і свечка дрыжыць на стале.

...Хаваюцца цені пад шаты,
а я ад цябе ўсё далей.
Жанчына прысушнай гарбаты
ў кубачак твой падалье.

Блуканні, набыткі і страты —
усё доля нясе ў падале.
Жыццё маё — дар ці адплата?
Ці суджана дню засвятлець?

Далоні твае не пакратаць,
а сэрцу шчасліва балець...
Як поўня, задумна над хатай,
плыву ад сустрэчы далей.

Рассыпала пудкая ноча
зіркастае зерне тугі.
Бяссонне і боль — твае вочы,
журботныя рук берагі.