Актавы кахання

Яшчэ не ацэнена

1

Каханне — найцяжэйшая з пакут.
Мая добраахвотная пакута.
Калі ж ты мне свой вынесеш прысуд?
Нібы падсудны, прагну я прысуду.
У міг апошні здарыцца мо цуд,
I тое, што здавалася атрутай,
Каханне ператворыць у нектар
На ўсё жыццё для вязня гэткіх чар.

* * *

Я думаў, больш не прыйдзе да мяне
Каханне з цудадзейнасцямі тымі,
Што юнакоў — пытальнікамі гне,
А пасівелых — робіць маладымі.
Каханне, думаў, вусны мне замкне,
Шлях перайшоўшы з вёдрамі пустымі.
Няма, напэўна, горай пакарання,
Калі не свеціць над табой каханне.

* * *

I ты прыйшла, каханая, прыйшла
I асвяціла дні мае цяжкія.
Няпраўда, што на свеце многа зла,
Што правяць светам толькі людзі злыя.
Плыву, плыву насустрач без вясла
Праз хвалі часу жорсткія, крутыя.
Каханне нас праз крыгаход тугі
Злучае, як паводка берагі.

* * *

Каханне не разветрыцца, як дым.
Хто закаханы, у жыцці той смелы.
Цікава, ці кахае падхалім,
Ці гэты вось пранырлівец сапселы?
Паспачуваем жа хоць трохі ім,
У мітусні і сквапнасці ўспацелым.
Здавён не маюць сілы у каханні
Hi ўзнагароды, ні чыны, ні званні.

* * *

Але не будзь рахманы, як цяля,
Між тых, хто песціць смакатою шлункі.
Няхай твая жыццёвая ралля
Жыццю нясе ўраджайныя дарункі.
Адрозніваць вучыся спакваля
Атрутнага двурушша пацалункі.
Свайго кахання берагу свячэнне —
I гонар чалавечы, і сумленне.

* * *

Свяці, кахання чыстая зара!
Свяці — пачуццяў сэрцаў не азмрочвай —
Над доляй плугара і песняра
I над высокай доляю жаночай.
Усіх людзей пара табе, пара
З'яднаць чароўнай сілаю прарочай.
Бо, сапраўды, на свеце без кахання
Жыцця няма — ёсць толькі існаванне.

2

Агні каханыя — вечныя агні.
Яны нікому з нас не слепяць вочы.
Шчаслівым сэнсам напаўняюць дні,
Пяшчотай вабнай скарачаюць ночы.
Загадкава гучыць у цішыні
Гарачы, неспатольны шэпт жаночы.
Бянтэжыцца расчулены юнак,
Упершыню адчуўшы дзіўны смак.

* * *

Ёсць у каханні нейкая мяжа.
За гэтай патаемнаю мяжою
Зліваецца ў адно твая душа
З душой каханай, чыстаю душою.
Як ток, між вамі прабяжыць спярша,
Каб адарыць вас яркаю іскрою,
Чароўнае адзінства захаплення,
Што абнаўляе свет і пакаленні.

* * *

На ўсім — адбітак сонца і вясны.
У закаханых прыгажэюць твары.
Шчаслівы, хто багаты без казны,
Каго не абышлі кахання чары.
Шануйце гэту крохкасць навізны,
Няхай бурчаць няўдачнікі і скнары,
Аматары дакучлівых натацый,
Ахвяры ўсіх уласных імітацый.

* * *

Шматбальныя ў каханні ёсць штуршкі,
Страшнейшыя любога землятруса,
Як ад сумненняў збегчы нацянькі
Прыходзіць невыносная спакуса.
Пільнуйце, каб нянавісці вянкі
Каханне не панесла пад прымусам.
Каханне — і свабода і няволя,
Крыніца смутку, радасці і болю.

* * *

Каханне — сад. Каб з завязі плады
Нарэшце наліліся спелым сокам,
Змагаюцца галіны праз гады
Са спёкай, маразамі, чарвятокам.
Каб выстаяць пад навіссю бяды
I перадаць жыццё сваім патомкам,
Прашу: аберагайце гэты сад
Ад марнатраўства, зайздрасці і страт.

* * *

Агні кахання — вечныя агні.
Без іх — у чалавецтва лёс сірочы.
Нам свецяць сонца, зоры з вышыні,
Але ярчэй — святло душы жаночай.
Жыццё ты за няўдачы не кляні,
Яго не па гадзінніку пясочным,
А па каханні нам адмерыў час.
I іншай долі не бывае ў нас.