Як страшна мне не ўбачыць тыя вочы...

Яшчэ не ацэнена

Як страшна мне не ўбачыць тыя вочы,
Ў якіх плывуць хмурынкі даўніх дзён.
I сорам Ваш жаночы і дзявочы
Разгубленасць маю бярэ ў палон.

Сябе, як той агонь патухлы, грэю,
Лаўлю з трывогай кожны сумны ўздых,
Ці ў водмаладзь іду, а ці старэю,
Што хочацца абдымкаў маладых?

Мне Вашага паўслова дастаткова,
Каб я згубіў развагу і спакой.
I галава мая ў пятлю гатова,
Развязаную Вашаю рукой.

Свой лёс цяпер нялёгка перайначыць.
Я хоць надзею кволую тулю.
Дазвольце слухаць Вас, дазвольце бачыць,
Дазвольце не спяшацца — у пятлю.