Я для цябе нішто — цяпер я знаю...

Яшчэ не ацэнена

Я для цябе нішто — цяпер я знаю.
Ды ўсё ж я доляй не абыдзен, не:
Ты не мая, ды ёсць ты у мяне —
Я зноў і зноў кажу табе: «Кахаю...»

У сэрцы — сонца: цокаюць твае
Дзесь чаравічкі тонкія па свеце,
I валасы твае чапае вецер,
Зямля табе сцяжынак петлі ўе.

Як раніца ірдзее у расіне!
Як у ставах стаяць высока дні!
Гатоў я ў леце, поўны дабрыні,
Маліцца мошцы кожнай і расліне.

Як лён цвіце! Як маніць даляў дым!
Мне любы свет — бо ходзіш ты у ім.