Вясковы накцюрн

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Скрыпень мяцёлкай пурпурна-ружовай
Хмаркі дазвання з нябёс пазмятаў.
Ветрык прыснуў, і мядзянай абновай
Велічна месяц над лесам паўстаў.

За даляглядам заранка згарае.
Любая, ты не спяшайся дамоў –
Хутка накцюрн адмысловы зайграе
Струнны тутэйшы квартэт цвыркуноў.

Прывідна льецца святло надвячорка.
Ціша такая, што думкі чуваць!
З неба зірнула цікаўная зорка,
Каб да світанку цяпер цікаваць.

Верных сябровак у сведкі пакліча.
Безліч хітрушча-чуллівых вачэй
Замігаціць угары таямніча,
Дорачы лепшую з нашых начэй.

Я твае вочы ва ўласных схаваю –
Спыніцца час паміж явай і сном.
Ты адгукнешся, як рэхам, – кахаю!..
Свет завіруе сузорным сяйвом…

2001