У свеце нашых блізкіх зносін...

Яшчэ не ацэнена

У свеце нашых блізкіх зносін
Гуляе лета па двары.
І мы сустрэч не пераносім
Да больш спрыяльнае пары.
Мы рады кожнаму спатканню,
Якіх не надта шмат было.
Мы рады нашаму каханню,
Што позняй кветкай прарасло.
Кране ж лістоту пазалота,
Самота сэрца ахіне –
Я атулю цябе пяшчотай,
Самота хутка праміне…
У свеце нашых блізкіх зносін
Пакуль – цудоўная пара...
Пачуццяў не азмрочыць восень,
А пажадае нам дабра.