А ты жыві, каханы мой, жыві...

Яшчэ не ацэнена

А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай журавель нарэшце дасца ў рукі.
Я забяру ў магілу тыя мукі,
Што выпалі нам на кастры любві.
Ад золі сэрцайка сваё адхукай:
Жыві, каханы мой, жыві!

На свеце гэтым шмат харашыні.
Хоць людзі ў свеце гэтым – тое голле,
Па-над якім вятрам бяды скуголіць
Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні.
Ці чалавек задуманы для болю?
Як ён жадзён харашыні!..

Не пасягнуць мне розумам маім
Тваіх намераў велічных, Прырода.
Жыццё дала – не папытала згоды.
Усе цацанкі-абяцанкі – дым.
Жыццё бярэш, – і мне зусім не шкода
Аднойчы развітацца з ім.

Бо што б мяне прызеляніла тут?
Якая ўжо мяне чакае радасць,
Як дружны род мой расхістала здрада,
Як дзецьмі не ацеплены мой кут,
Як песенны мой дар не мае ўлады
І над драбнейшаю са смут?..

А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай сэрцу будзе да каго хіліцца,
Хай жураўлём абернецца сініца.
Сваю шчаслівай долю назаві.
Хай светла збудзецца, што светла сніцца, –
Жыві, каханы мой, жыві!