Там, за нябачнаю імглой...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Там, за нябачнаю імглой,
Дзе зорак прадзіва,
Яшчэ мы стрэнемся з табой,
Так Богам дадзена.

І будзем стоена лавіць
Пяшчоту восені,
Жыцця нязмушаную ніць
І неба ў просіні.

І піць пачуццяў ціхаспеў,
Бы ў смагу, росамі,
І слухаць вечнасці павеў
Пад сонца косамі.

Яшчэ мы стрэнемся з табой –
Так Богам дадзена –
Там, за нябачнаю імглой,
Дзе зорак прадзіва.