Суседка

Ваша адзнака: Нет (12 галасы)

Кавалачак скарынкі
Засунеш за шчаку,
З суседчынай дзяўчынкай
Імчышся на раку.

Пад вейкамі — азерцы,
Пачатак першых мук.
I коле рэўнасць сэрца:
«А дзе Янук?»

Луг свеціцца ад зорак —
Вясёлая раса.
Вымай хутчэй сцізорык,
Вудзільна выразай.

Тут акуні і плоткі
I ціхая лаза.
Аеру сок салодкі
На халадку ляза.

I хочацца дзяўчынцы
На памяць падарыць
Расінку на травінцы,
Агарачак зары...

Пяць год рыпелі весніцы,
А сэрцу ўсё цяжэй...
Хадзі ка мне, равесніца,
Бліжэй, бліжэй...

I што са мною сталася!
Ад гэтых вачанят
Мне і цяпер, у сталасці,
Ніяк не ачуняць.

Усё баліць, не гоіцца
Той самы першы боль,
I успаміны гоняцца
Усюды за табой.

I ўсё наскрозь прасвечана
Да дна, да дна.
I ўсім жыццё засведчана,
Што ты была адна.

Хоць зноў бяжы да веснічкаў
Шапчы: «Адтай, адтай!
I шчасця хоць давесачак
Аддай, аддай...»