Пасею гурочкі

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Пасею гурочкі
Нізка над вадою,
Сама буду паліваці
Дробнаю слязою.
Сама буду паліваці
Дробнаю слязою.

Выраслі гурочкі
Ў чатыры радочкі,
Не бачыла міленькага
Чатыры гадочкі.
Не бачыла міленькага
Чатыры гадочкі.

Толькі і спаткала,
Як этапам гналі,
Я ж хацела ручку даці,
Ды стража стаяла.
Я ж хацела ручку даці,
Ды стража стаяла.

Я яму сказала,
А ён мне ні слова:
Махнуў беленькім платочкам, —
Будзь, міла, здарова.
Махнуў беленькім платочкам, —
Будзь, міла, здарова.

Я яму пісала
Беленькі лісточак —
Прыедзь, прыедзь, мой міленькі,
Хоць на адзін часочак.
Прыедзь, прыедзь, мой міленькі,
Хоць на адзін часочак.