Не шуміце ў полі,
Шумныя яліны!
Ой, ды не шуміце
Ў полі на марозе,
Бо я сам не знаю,
Ці па той дзяўчыне,
Ці па той чарнявай
Сэрца замарозіў?
Выйду рана, рана,
Выйду гляну, гляну,
Ой, ды выйду гляну,
Дзе віюцца сцежкі,
Дзе ў асенніх зорах
Сэрца я параніў
Ды параніў сэрца
Ветлаю усмешкай!..
Сцежкі разышліся,
Разышліся сцежкі!..
Ой, ды ўюцца ў лузе
Сцежкі ў жоўталісці!..
Можа сёння стрэне,
Можа сэрца ўцешыць
Ды развее думы
Смехам, як калісьці?
Не шуміце ў полі,
Шумныя яліны!..
Ой, ды не шуміце
Ў полі на марозе!..
Бо я сам не знаю,
Ці па той дзяўчыне,
Ці па той чарнявай
Сэрца замарозіў?!