Люблю, заўсёды сню і мару...

Яшчэ не ацэнена

Люблю, заўсёды сню і мару,
Шаную цвет вясны тваей.
Увесь да родных рысаў твару
Штодзень прыростаю мацней.

Штодзень кладу на дальні ўскраек
Зямлі і неба галаву.
Адтуль, сярод блакітных маек
Цябе, нязбыўную, заву.

Тут іх вясёлай панараме
Кладзе паклоны далагляд.
Пляце зара над вечарамі
Вянкі агністыя дзяўчат.

Тут песня свету што ні постаць,
А толькі, як ні выбірай, -
Змяніць цябе не вельмі проста,
І не сустрэць такой, бадай.

І чым дужэй іду па краю,
Жыву прывольней і ярчэй,
Тым больш люблю (чаму – не знаю)
Я ў ім смугу тваіх вачэй.

Пад іх жывым і родным бляскам
Душу і цела кінуў я, -
Каб вечна чуць цябе, як казку,
Залатакудрая мая.

Каб жыць нікім не сцёртым следам
Прыснёных рук тваіх і век,
Ў табе адной, як прыклад, ведаць,
Якім быць можа чалавек.