Філфакаўка

Ваша адзнака: Нет (6 галасы)

Пёрка паяднанае з “чарнілкаю”, -
За радком радок. Аб чым? – сакрэт...
Можа быць карпенне над памылкамі,
Бо – філалагічны факультэт...

А магчыма, вестка аднакласніку:
Першы курс усё ж – і точыць сум...
І паспачуваў сусед дзяўчыне: “Ясненька...
Я палову гора паднясу...”

За шчаку, як школьніца, схапілася, -
Пальчыкі ў чарнільнай сіняве...
...Год за годам, - многае забылася,
А вось тое ў памяці жыве...

Пасівеў, аблысілася макаўка,
Перына жар-птушкі - у руцэ,
А ўваччу – усё яна, філфакаўка
З фіялетаваю плямкай на шчацэ...