Аптымістычная драма

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Убегла ў вагон імкліва –
Парфума з вачэй сцякала —
Не плакала – галасіла
I ў сумачцы штось шукала.

А там, па начным пероне,
Хадзіў і хадзіў хлапчына
I раптам прыбег:
– Алёна! Вярніся, бо я...
загіну!

Глядзела на твар хлапечы,
Як быццам бы анямела,
I толькі дрыжэлі плечы
Пад кофтачкай тонкай белай.

Са шчок яе выцер слёзы
I ціха спытаў: – Даруеш?
Каб быў я тады цвярозы,
Не здрадзіў бы, не!
Ты чуеш?

Скрывіла гвалтоўна ўсмешку
I моўчкі пайшла з вагона,
А ён ля яе пацешна
З падскокам кружыў віноўна.

Жанчына з самотным тварам –
На левай руцэ пярсцёнак —
Сядзела, нібыта хмара,
З няшчасных, відаць, развядзёнак.

Рванулася ў ноч электрычка;
Жанчына ў акно трывожна:
– Даруе яму, дурнічка...
Каб даў жа ім шчасця Божа!