Як цябе няма са мною побач...

Яшчэ не ацэнена

Як цябе няма са мною побач,
Белы свет халодны і пусты.
I гукаю я тады на помач
У адчаі:
— Любая, дзе ты?!

Хай вакол вірыць жыццё нястомна,
Маладосць ад шчасця ў бубны б'е,
Я ўсё роўна быццам непрытомны
I асірацелы без цябе.

Поспех,
Слава,
Дабрата зямная,
Што ў душу завабілі вясну,
Без цябе,
Я гэта добра знаю,
Трацяць сваю даўнюю цану.

Адплываюць жураўліным клінам
Летуценні,
Песні
I лісты...
Можа, я пасля сябе пакіну
Толькі крык мой:
— Любая, дзе ты?!