Дубоў надрэчных выразное лісце...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Дубоў надрэчных выразное лісце
Адлюстравала крохкая Вілія.
Гул акіянскіх хваль сюды прынёс калісьці
Я.

Плылі насустрач з далечы нясмелай
Хмурынак ненадзейныя плыты.
Махала з берага касынкай белай
Ты.

Пад кліч зязюль і алай завірухі
Плылі туманаў мройлівых дымы.
Стаялі, згодна ўзяўшыся за рукі,
Мы.

У хвалях шчасця бліскала падкова —
Пакінуў конь блішчастым капытом.
I з прыцемкаў нас вабіў выпадкова
Дом.

Ды таямніцы маладой прычасце
Рассеялася ў золку залатым.
I сустракалі раніцай не шчасце —
Дым.